ЦЕПЛАТА́ ФА́ЗАВАГА ПЕРАХО́ДУ,

колькасць цеплаты, якую неабходна перадаць рэчыву (ці адвесці ад яго) пры раўнаважным ізабарна-ізатэрмічным пераходзе рэчыва з адной фазы ў другую (фазавым пераходзе I роду — кіпенні, плаўленні, крышталізацыі, паліморфным ператварэнні і інш.). Існаванне Ц.ф.п. абумоўлена рознымі значэннямі энергій сувязі рэчыва ў адпаведных фазах. Для фазавага пераходу II роду Ц.ф.п. роўная нулю. Раўнаважны фазавы пераход пры дадзеным ціску адбываецца пры пастаяннай т-ры — т-ры фазавага пераходу. Ц.ф.п. роўная здабытку т-ры фазавага пераходу на рознасць энтрапій у дзвюх фазах, паміж якімі адбываецца пераход. Адрозніваюць удзельную і мольную (малярную) Ц.ф.п., аднесеныя адпаведна да адзінкі масы і адзінкі колькасці рэчыва (1 моль). Гл. таксама Цеплата выпарэння, Цеплата плаўлення.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)